Прэмiя Гедройца

Алена Брава
"Рай даўно перанаселены"
Мінск: Галіяфы, серыя "Другі фронт мастацтваў"

Анатацыя
Даследчыкі лічаць творчасць Алены Брава яркім прыкладам жаночага пісьма ў сучаснай беларускай прозе. Псіхалогія і ўнутраны свет жанчыны ў постсавецкім грамадстве — асноўная тэма твораў пісьменніцы, якія выклікаюць шэраг супярэчлівых думак і разважанняў. Дзіўны сінтэз жорсткай рэалістычнасці і пранізлівай шчырасці, «простае» у сваёй ненаўмыснасці чаргаванне бязлітаснай фізіялагічнасці і паэтызаванага каментара абумоўліваюць надзвычай моцнае эмацыйнае ўражанне ад тэкстаў гэтай кнігі. У рамане «Менада і яе сатыры» А. Брава прымушае гераіню апускацца на дно сваіх патаемных жаданняў і страхаў, гэтак жа бязлітасна яна змывае яркія фарбы з дэкарацый штодзённасці правінцыйнага горада, часам даводзячы ступень натуралістычнасці да абсурду. Але гэта не самамэтныя практыкаванні ў майстэрстве антыэстэтыкі, а спроба прабіць абыякавасць звыклага ўспрымання, калі нічога ўжо не ўражвае і не прымушае задумацца. Гераіня аповесці «Рай даўно перанаселены» займаецца рэканструкцыяй уласнага дзяцінства, аналізуючы існаванне двух пакаленняў жанчын, якія нарадзіліся «пад халоднымі сонцамі ўяўных велічыняў». Узаемаадносіны беларускай эмігранткі і былога салдата Вермахта – у цэнтры вострасюжэтнай аповесці «Дараванне», дзеянне якой адбываецца ў сучаснай Нямеччыне. У кнігу таксама ўключана першая аповесць аўтара «Бязлітасны мой воін» і шэраг апавяданняў. Бездакорнае пачуццё мовы і стылю, багацце літаратурных алюзій задаволяць самы вытанчаны густ.

Кнігу можна набыць у папяровым альбо электронным выглядзе.

Пра аўтара:
Алена Брава нарадзілася ў Барысаве ў 1966 годзе. Скончыла факультэт журналістыкі Белдзяржуніверсітэта. Аўтар кніг прозы «Каменданцкі час для ластавак» (кніга ўганаравана літаратурнай прэміяй «Гліняны Вялес» Таварыства Вольных Літаратараў за 2004 год), «Рай даўно перанаселены» (2012). Друкавалася ў літаратурных часопісах Беларусі, анталогіях. У 2012 годзе ў выдавецтве «Літаратура і мастацтва» выйшаў зборнік перакладаў Алены Брава на рускую мову «Имя тени – свет», а ў выдавецтве «Franc-Tireur USA» (ЗША) – кнігі перакладаў аўтара «Любовь в тени казарм Монкада», «Представление в черном театре».

 

 

Артыкулы, звязаныя з кнiгай
Беларускі ПЭН-цэнтр

Літаратурная Прэмiя імя Ежы Гедройца

Прэмiя Гедройца 2013