Прэмiя Гедройца

Алесь Пашкевіч
"Сімъ Побѣдиши"
Мінск: Кнігазбор

Анатацыя
Раман "Сімъ Побѣдиши" ― пра ўладу тыранаў і ўладу слова. Расповед вядзецца ў двух часавых зрэзах: XVI стагоддзі і ў нашым часе. У цэнтры тэксту — тры галоўныя пары
персанажаў-двайнікоў: цар Іван Жахлівы (Грозны) — і сучасны дыктатар Іван Мароз; мітрапаліт, які ўзвёў цара на трон, — і прафесар-гісторык, які дапамог свайму былому студэнту выйграць прэзідэнцкія выбары; першадрукар Іван Федаровіч (Фёдараў) — і тэлежурналіст Іван Федарэнкін. А яшчэ — Кацярына Ягелонка, пляменніца караля Жыгімонта, якая не скарылася маскоўскаму цару і стала каралевай Швецыі, — і студэнтка Кацярына…

«Усё знікае, але нічога не змяняецца» — асноўны лейтматыў рамана. А перамагае ў выніку не сіла, а любоў. І — слова.

У кнігу ўвайшлі і выбраныя эсэ аўтара.
Урывак з рамана

Калі манах пакінуў пячору, пачало ўзыходзіць сонца.

Усю ноч ён маліўся, а над светам грукатала навальніца. Маланкі распорвалі неба, падалі ў марскую бездань і — атушаныя — распырскваліся па наваколлі. І тады ўзрываўся гром, стагналі зямля і горы, страшнае рэха кацілася з вышыняў — нібыта ўадначас заходзіліся тысячы іерыхонскіх трубаў ці насмерць біліся за прастору дахрысціянскія Ярыла і Зеўс.

І перакульвалася неба, і расцякалася вадою па горных стромах, і нельга ўжо было зразумець, дзе ніз і дзе верх, дзе сцяжына людская, а дзе Божая, дзе ўява і дзе жыццё.

Затым усё аціхла. І было чутна, як словы зліваліся з шаптаннем нястомных раўчукоў, па якіх неба сцякала ў недалёкае мора.

А калі ўзышло сонца, манах-адзінец пакінуў пячору.
Артыкулы, звязаныя з кнiгай
Беларускі ПЭН-цэнтр

Літаратурная Прэмiя імя Ежы Гедройца

Прэмiя Гедройца 2013