Прэмiя Гедройца

У гротах маргінальнага жанру

29-01-2013 10:50

Кацярына Маціеўская
Беларуская літаратура часам падобная да гарадзенскага кантралёра: жывеш сабе, марыш стаць доктарам, а пэўная выразна хтанічная істота падсцерагае цябе ў самым нечаканым месцы ў самы нязручны час, каб, забраўшы над табой неабмежаваную ўладу, змусіць урэшце выканаць грамадзянскі абавязак перад чыстым мастацтвам. І даводзіцца альбо рабіць выгляд, што цябе няма, як герой Андрэя Пакроўскага перад кантралёрамі, альбо прыняць той факт, што нарадзіўся андрэем, і, не робячы перад беларускай літаратурай выгляду, што ты антон, расчаравацца ва ўсіх Дзядах Марозах на свеце і напісаць пра гэта. Я да таго, што цвёрда ўпэўненая: у Андрэя Мрыя (дарэчы, Антонавіча) атрымаўся такі цудоўны гратэск, як “Запіскі Самсона Самасуя”, таму, што аўтар быў Андрэй, і раз ты ўжо трапіў у беларускую літаратуру з такім імем, змірыся. Або бяры псеўданім Кандрат і пішы байкі, таксама добрая справа. Праўда, спачатку ўсё ж варта пачытаць, да чаго прыводзіць падаўленне андрэеўскай сутнасці, у самога Андрэя Пакроўскага.

Самая папулярная этымалогія слова “гратэск” выводзіць яго паходжанне ад французскага грота праз італьянскі аж да лацінскай крыпты. У гэтай рэцэнзіі мы не будзем заглыбляцца ў пячоры дыяхранічнай лінгвістыкі і тое, што ў іх знайшлі, а проста падзівімся супадзенню месца, ад якога пайшла назва жанру, і месца, у якім гэты жанр знаходзіцца ў беларускай літаратуры (так-так, магчыма, назваць яго відам мастацкай вобразнасці было б правільней, але, па-першае, гэта нуднавата, а па-другое, хаця б Эдгар По сваімі “Гратэскамі і арабескамі” даў, так сказаць, падставы, таму дазволім тут сабе тэрміналагічную вольнасць у імя прыгажосці і ўсяго астатняга высокага і паважанага). Пасля Андрэя Мрыя, у якога, насмелюся сцвярджаць, гратэск вырываецца за рамкі сатыры і робіцца самакаштоўным, творы, дзе ён (гратэск) шырэйшы за інструмент сатырычнага выкрывання, у беларускай літаратуры палічыш лёгка і хутка. Калі ўспомніш.

У гротах маргінальнага жанру

У кнізе Андрэя Пакроўскага “Як я перастаў верыць у Дзеда Мароза” апісваюцца суровыя будні свету абсурду. Хто верыць, што рэчаіснасць страшнейшая і складанейшая за любы абсурд, хай паспрабуе захварэць на птушыны грып пасля трох удараў нажом. А хто думае, што абсурд не мае ніякага дачынення да рэчаіснасці і таму на халеру яго апісваць, хай адходзіць у школу адзінаццаць гадоў і ні разу не забудзе галаву. Хто не прыходзіў у школу без галавы? Гэта змрочная будзённасць, спадарства. Ды гэта ўвогуле амаль аўтабіяграфічныя нататкі, сігналізуе нам аўтар назвай кнігі, назвай раздзела “Як я стаў паэтам”, тралейбусам №34, элементамі мінскай тапаграфіі і, безумоўна, гарадзенскімі кантралёрамі.

Вядома, што ў нярадасных умовах выдавецкай рэчаіснасці ў зборнікі, бывае, набіраецца часам непрыдатнае для комплекснага ўжывання асарці, але ў гэтым выпадку зборнік, на маю думку, атрымаўся. Кароткія гісторыі пра вусцішныя сустрэчы з панкафобамі і кантралёрамі (у гэтай рэцэнзіі апошнія ўсплываюць ужо трэці раз, таму вымушаная папярэдзіць, што ідэфікс аўтара можа перадавацца чытачу, як птушыны грып), ідэальныя пары, што паміраюць, як і належыць, у адзін дзень, але з сюрпрызам (с. 48), праўдзівыя выпадкі з жыцця беларускіх літаратараў і шмат што яшчэ працуюць як кавалачкі пазлу, які складаецца ў амаль цэласную (без амаль тут ніяк, іначай гэта быў бы рэалізм, і нават не крытычны) карціну, падрапаную цвіком у стратэгічных месцах. Зборнік падзелены на дзве часткі (“Першая частка” і “Другая частка”), якія на першы погляд нічым не адрозніваюцца, але толькі на першы. Пільны другі погляд заўважае, што ў змесце кнігі дзве старонкі, і змест першай часткі заканчваецца роўненька ўнізе першай старонкі. Я буду абараняць гэтае абгрунтаванне, таму што падзяліць тэксты ў такой кнізе такім правільным і квадратным спосабам — гэта прыгожа і эстэтычна сэнсоўна.

На цэласнасць зборніка апроч тэматыкі і адсутнасці праблематыкі моцна працуе мова, для якой не існуе табу ні на ўзроўні сэнсавых палётаў і паваротаў (што лагічна: без пасажаў у духу “ішоў дождж і два студэнты” ў хаце абсурду выразна і пагрозліва зазвінелі б вокны), ні на ўзроўні, так сказаць, пурыстычнага авантурызму. У Пакроўскага дазволена ўсё, што працуе на эфект. Калі, напрыклад, хтосьці збярэцца пакрыўдзіцца на трасянку, магу прапанаваць аб’яднацца з ангельцамі і немцамі: іх таксама пакрыўдзілі, бязлітасна скрыжаваўшы іх мовы на старонцы 16. Праўда, меру аўтар ведае і да страшнай мяжы (а менавіта скрыжавання ангельскай з французскай) не даходзіць. А калі раптам крыўдзіцца ніхто не збіраецца, вельмі шкада: гэта перанесла б абсурд з кнігі ў жыццё і чарговы раз пацвердзіла б думку Оскара Ўайлда пра “рэчаіснасць ёсць перайманнем мастацтва”.

Трэба сказаць, што ў гэтым канкрэтным выпадку мне хочацца выступіць апалагетам чыстага жанру: на маю думку, расказаная Пакроўскім гісторыя слабее, калі ў яе ўрываецца падабенства сатыры (слабай і амаль незаўважнай, але ўсё ж; гл., напрыклад, “Значак”) ці лірызму (“Раніца”). Так, гэтыя высокія памкненні таксама пафарбаваныя ў шалёную кветачку, але чысты, беспрымесны гратэск у кнізе — тое, што ў гэтых вашых інтэрнэтах называюць epic win.

Светлую сумную ноту абсурду ў жыццё часам прыносіць тое, што слова “маргінальны” набывае ацэначнае значэнне і чамусьці заўсёды негатыўнае. Я рашуча сцвярджаю: маргінальнасць жанру (і не толькі яго) і ў гэтай кнізе, і ў шырэйшай літаратурнай прасторы — не недахоп і не перашкода, а безумоўны плюс. Бо на пакручастым жыццёвым шляху табе ўсё часцей трапляюцца тэксты, пасля якіх у жарце пра аб’яву “Куплю літары алфавіту. Карыстаныя не прапаноўваць” не хочацца бачыць ні долі жарту і нават самому карціць такую аб’яву напісаць. Калі адкрываеш тэкст, якога ты дакладна не чытаў у мінулым жыцці, бо ён толькі што выйшаў, а там напісана сто разоў чутае, чытанае і перажаванае, ды яшчэ і тымі самымі словамі ў тым самым парадку, у арганізме адчуваецца крытычны для выжывання недахоп хаця б гульняў з напісаннем сказаў паводле схемы “дзейнік-выказнік-азначэнне-дапаўненне-акалічнасць”, дзе кожнае наступнае слова прыдумляе іншы чалавек. Вынік часам уражвае. Тым больш радуе, калі гэта робіцца свядома, на добрым узроўні і працуе на абнаўленне стылю (і корпусу беларускай мовы таксама).

Можна было б сказаць, што з выхадам кнігі Андрэя Пакроўскага гратэск у беларускай літаратуры выйшаў з шафы і перастаў сябе саромецца, калі б гэта не быў адзін з самых бессаромных, бязлітасных і крыважэрных літаратурных жанраў (дарэчы, апантаным ідэяй ідэальнага забойства — я, безумоўна, пра аўтараў дэтэктываў — настойліва раю прыгледзецца да магчымасці забойства гратэскам). Таму выкажам меркаванне, што раней яму проста не хацелася: маўляў, ён ужо ў такім узросце, каб самому выбіраць сабе літаратуру. Асабіста мне за літаратуру радасна.

Для поўнага, усёабдымнага абсурду ў кнізе не хапае яе. Маралі. Магутнага завяршальнага акорду — або апошняй цагліны на галаву непадрыхтаванага чытача, каму як падабаецца рабіць з чытачом. Праўда, зняверыўшыся ў базавых каштоўнасцях кшталту Дзеда Мароза, забудзеш і не пра такое. Эдгар По, які, магчыма, прачытаў кнігу Пакроўскага, забраўшы яе ў Хармса (с. 76), у адным са сваіх найлепшых гратэскаў прапанаваў усім прыхільнікам, паслядоўнікам і проста добрым людзям прыгожую адмазку ад крытыкаў, заклапочаных пошукам у тэкстах маралі альбо глыбіннага сэнсу: “Мараль у кнізе ёсць, — напісаў бацька дэтэктыву (якому, заўважу ў дужках, на гэты дэтэктыў варта жаліцца, як сэру Артуру Конану Дойлу на Шэрлака Холмса: новы маргінальны жанр засланіў у яго творчасці стары і не такі маргінальны, а шкада), — невядома дзе, але ёсць. А ў астатнім няхай крытыкі і мараль паклапоцяцца пра сябе самі”.


Андрэй Пакроўскі. Як я перастаў верыць у Дзеда Мароза. — Мінск: Логвінаў, 2012. (Бібліятэка Саюза беларускіх пісьменнікаў “Кнігарня пісьменніка”; Пункт адліку).




Валянцін Акудовіч
Уладзімір Арлоў
Малгажата Бухалік
Пётр Казакевіч
Павал Касцюкевіч
Ганна Кісліцына
Адам Паморскі
Барыс Пятровіч
Андрэй Хадановіч
Лешак Шарэпка
Беларускі ПЭН-цэнтр

Літаратурная Прэмiя імя Ежы Гедройца

Прэмiя Гедройца 2013