Прэмiя Гедройца

Зямля пад крыламі Балахонава

11-02-2013 10:40

Ганна Янкута
Якой бы дзіўнай ні здавалася на першы погляд кніга Сяргея Балахонава “Зямля пад крыламі Фенікса”, знайсці ёй месца ў беларускай літаратуры зусім не складана. Бо пад крыламі Балахонава ёсць месца ўсяму, чаго толькі пажадае самая патрабавальная чытацкая душа — і самы сапраўдны постмадэрнізм, і бадзёрае, амаль няіснае дагэтуль беларускае фэнтэзі, і чыста літаратурная гульня, выкшталцоны жарт, які набывае мастацкую каштоўнасць безадносна да схаваных ці не схаваных у ім сэнсаў.

Сяргей Балахонаў мае фантастычную здольнасць спалучаць неспалучальнае. Разам з абсалютным слыхам на слова, які дазваляе, нават балансуючы на самай мяжы, не зрынацца ў прорву пошласці і кітчу, гэтая здольнасць дапамагае яму ствараць у беларускай літаратуры новыя формы рэфлексіі. Што цікава, балансаванне на мяжы аўтар відавочна выбірае свядома, і чытачу, які падсвядома адчувае гэтую небяспечную гульню, застаецца толькі бурна пляскаць аўтару, якому гумар і літаратурны густ дапамаглі-такі выбрацца з расстаўленых сабе самому пастак.

Зямля пад крыламі Балахонава

Адна з істотных вартасцяў новай кнігі Сяргея Балахонава — яе парадаксальная прастата. Калі раман “Імя грушы” — папярэдні твор пісьменніка, які выйшаў у 2005 годзе, — у кампазіцыйным і моўным плане ўяўляе сабой “шкуцянку”, то бок кампіляцыю з макаранічных выразаў, цытатаў і рознастылёвых выказванняў, то ўсе творы з “Зямлі пад крыламі Фенікса” вылучаюцца лінейным аповедам і не патрабуюць ад чытача асаблівых літаратуразнаўчых навыкаў. Ну, можа, хіба што цярпення, бо, напрыклад, тэкст “Пчолачкі гудуць…”, або Кароткая гісторыя крыўскага сакральнага пчалярства” здольны стаміць нават самага ўпартага чытача колькасцю дэталяў, якія фактычна паўтараюць адна адну, бо аўтар бярэ за аснову сюжэт пра навяртанне ў беларускасць з дапамогай пчалінага ўкусу і прапануе яго варыяцыі ў розныя гістарычныя эпохі.

Парадаксальнасць жа гэтае прастаты палягае ў тым, што аўтару ўдаецца захоўваць лінейнасць і празрыстасць аповеду нават нягледзячы на ўсё той жа прыём “шкуцянкі”: “Зямля пад крыламі Фенікса” пярэсціцца псеўдацытатамі з няісных летапісаў, рэдкіх ці страчаных у глыбінях аўтарскай фантазіі твораў і выдуманых народных песняў, аднак прапануе чытачу вельмі канкрэтную версію падзеяў, якая не дапускае розначытанняў.

Кніга чытаецца роўна і проста, а яе ўспрыняцце — зрэшты, як і ўспрыняцце любога постмадэрнісцкага тэксту, — шмат у чым залежыць ад чытацкай эрудыцыі.

Тэксты ў кнізе (а назваць іх апавяданнямі, навеламі ці эсэ неяк не выпадае, можна было б назваць іх псеўдаартыкуламі, але абыдземся словам больш простым, тым больш што ўсе мы родам з постмадэрнізму) умоўна можна падзяліць на два тыпы. Большасць з іх пабудаваная паводле таго самага прынцыпу, што і “Пчолачкі гудуць…”: бярэцца пэўная тэма (напрыклад, вырошчванне на беларускіх дзялянках ківі ці шчыраванне ў беларускіх вірах рыбы-кіта), якая распрацоўваецца ў некалькіх часавых разрэзах. Аўтар нібыта збірае звесткі пра разгляданую праблему, з аднаго боку ўсё больш яе праясняючы, з другога ж — пераказваючы адзін і той жа сюжэт некалькі разоў. Гэта робіць тэксты даволі аднастайнымі, але аднастайнасць гэтая зададзеная адпачатку.

Імітуючы навуковы стыль, аўтар вымушаны прасачыць абраную з’яву ад самых старажытных “крыніц” да сучаснасці і атрымлівае ланцуг падобных паміж сабой міні-апавяданняў, які фактычна мае фрактальную структуру, дзе кожны асобны элемент твора нагадвае твор у цэлым. Гэта даволі нечаканае выкарыстанне фракталу ў літаратуры, тым больш што ў беларускай культурнай прасторы няма такіх знакамітых структур, як, напрыклад, ангельская песенька пра Пэгі, у якой была вясёлая гусь (а таксама кот, і асёл, і індык, і гэтак далей, ажно да бясконцасці).

Другі тып тэкстаў больш набліжаны да ўласна апавядання: у іх бярэцца пэўная падзея (напрыклад, палёт беларусаў у космас ці адкрыццё імі ж Амерыкі) і разглядаецца з дапамогай тых самых сродкаў, але, у адрозненне ад тэкстаў першага тыпу, тэма з іх дапамогай не вар’юецца, а паступова, крок за крокам раскрываецца перад чытачом. Зрэшты, чытаць “Зямлю пад крыламі Фенікса” можна і не думаючы пра ўсё гэта, а калі манатоннасць гісторыяў у нейкі момант пачне стамляць, яе, як і “Зямлю пад белымі крыламі” Уладзіміра Караткевіча, можна ў любым месцы адкласці, не турбуючыся пра тое, што потым давядзецца прыгадваць сюжэт.

У шэрагу інтэрнэт-крыніцаў “Зямля пад крыламі Фенікса” вызначаецца як зборнік містыфікацыяў, аднак такое вызначэнне падаецца не зусім дакладным. Літаратурная містыфікацыя ў чыстым выглядзе перадугледжвае пародыю, падман чытача, калі твор прыпісваецца іншаму аўтару альбо іншай эпосе. Яскравы прыклад такой містыфікацыі — “Вар’яцкі год” з “Запісак доктара Брылеўскага”, якія нібыта напісаў Мікіта Славінскі, а з рускай мовы на беларускую пераклаў усё той жа Балахонаў. Для вызначэння кнігі “Зямля пад крыламі Фенікса” больш правільным падаецца кінематаграфічны тэрмін мак’юмэнтары (ад ангельскага слова “mock” — “насміхацца”, “падрабляць”), ці псеўдадакументалістыка. Фільм у жанры мак’юмэнтары стварае поўную ілюзію рэальнасці, выкарыстоўваючы адпаведныя прыёмы: кінахроніка, каментар спецыяліста, інтэрв’ю, але рэальнасць гэтая — чыстай вады выдумка, перайманне, розыгрыш, калі вам будзе заўгодна.

Падобныя прыёмы, але ўжо літаратурнага характару выкарыстоўвае ў сваёй кнізе і Сяргей Балахонаў: псеўдацытаты на стараславянскай, старабеларускай, рускай, польскай і іншых мовах, задакументаваныя сведчанні, адсылка да археалагічных і мовазнаўчых матэрыялаў. Ілюзія рэальнасці дасягаецца за кошт фармальных сродкаў (навукападобнасць стылю, аформленыя ў адпаведнасці з патрабаваннямі ВАК цытаты, апеляванне да сапраўдных, ды і да несапраўдных таксама, даследчыкаў і крыніцаў), аднак за ўсёй гэтай навукападобнасцю аўтар не дае чытачу засумаваць, маскіруючы, напрыклад, пад старажытныя выслоўі крылатыя выразы сённяшніх інтэрнэт-карыстальнікаў: “бился чолом о сруб светлицы, восхохотамши под лавкою”. Усё гэта, а таксама прыхаваныя побач з псеўдацытатамі сапраўдныя цытаты і адсылкі (“стаялі халады, завеі, снежань”, “пахнець сядзёр, пахнець сядзёр”), якія арганічна ўліваюцца ў кантэкст, ствараюць моцны камічны эфект і дазваляюць разглядаць “Зямлю пад крыламі Фенікса” як нялёгкае лёгкае чытво для абазнанай у беларускай літаратуры і гісторыі публікі.

Жанр мак’юмэнтары з’явіўся ў кінематографе як рэакцыя на камерцыялізацыю дакументальнага кіно. Улічваючы неверагодную папулярнасць у свеце літаратуры нон-фікшн, цалкам магчыма, што неўзабаве псеўдакументалістыка пранікне і туды, каб разбурыць ці прынамсі пахіснуць гэтую надзвычайна сур’ёзную галіну. Але для беларускай літаратуры, дзе нон-фікнш пакуль пішацца далёка не так масава, кніга “Зямля пад крыламі Фенікса” мае зусім іншае значэнне. На фоне звону разбітых у роднай хаце шыбаў і абураных воклічаў тых, хто спрабуе гэтыя вокны хоць неяк захаваць, голас Сяргея Балахонава гучыць, здавалася б, зусім нячутна. І тым не менш у мяккай і жартаўлівай форме, не абражаючы нічыйго занадта датклівага эстэтычнага пачуцця, пісьменнік разгойдвае падпоркі, на якіх трымаюцца сённяшнія беларускія міфы.

Нікому не зробіцца горш ад таго, што Кастусь Каліноўскі ездзіў на аднарогу, аднак калі на аднарогу ён усё ж такі ездзіў, мы ўжо не можам глядзець на яго так, як глядзелі раней. Не зніжаючы градусу нашае павагі ні да патрыятычнага аднарога, ні да самога Кастуся Каліноўскага, аўтар прапануе нам глядзець і на саміх сябе, і на сваю, безумоўна, гучную і слаўную гісторыю трошкі прасцей. Бо здольнасць зірнуць у люстэрка і нязлосна з сябе пасмяяцца заўсёды лічылася псіхіятрамі прыкметай душэўнага здароўя.


Сяргей Балахонаў. Зямля пад крыламі Фенікса. — Мінск: Логвінаў, серыя “Галерэя Б”, 2012.




Валянцін Акудовіч
Уладзімір Арлоў
Малгажата Бухалік
Пётр Казакевіч
Павал Касцюкевіч
Ганна Кісліцына
Адам Паморскі
Барыс Пятровіч
Андрэй Хадановіч
Лешак Шарэпка
Беларускі ПЭН-цэнтр

Літаратурная Прэмiя імя Ежы Гедройца

Прэмiя Гедройца 2013