Прэмiя Гедройца

Заганныя колы пекла

07-02-2013 10:44

Кацярына Маціеўская
Блукаючы з Вергіліем праз леты і флегетоны, Дантэ апісаў пекла, у якім месца хопіць усім. Яцак Качмарскі ў “Эпітафіі Уладзіміру Высоцкаму” да дзявятага кола героя не давёў, спыніўшы на восьмым, “дзе нічога ўжо болей няма”. У творах Алены Брава колькасць колаў не мае значэння: іх, здаецца, безліч, але на ўсіх адно і тое ж.

Праз старонкі кнігі “Рай даўно перанаселены” праходзіць чарада гераіняў, што здаюцца спісанымі з аднаго канкрэтнага прататыпа альбо ўвасабляюць адну канкрэтную мадэль з пастаянным наборам у анамнезе: сіндром выдатніцы, тонкая душэўная арганізацыя, адасабленне ад грубага асяроддзя (на падставе гэтай самай арганізацыі) і адзіная мара — усе гераіні жывуць чаканнем Яго, мне няёмка за вялікую літару. Калі з’яўляецца хтосьці, на каго можна ну альбо нельга выпакутаваныя фантазіі нацягнуць, з дапамогай багатага ўяўлення яны ўсё ж нацягваюцца, а потым рай разбіваецца аб грубую рэальнасць. Дзіўна сінтэзуючы дэвізы “шчасце можна заслужыць” і “каханне — яно не за штосьці, яно проста так”, гераіні блукаюць па коле, не разумеючы, чаму ўсё так кепска (бо робяць жа яны ўсё правільна), але не сінтэзуюць яшчэ што-небудзь, каб з кола выйсці. На ўзроўні сюжэту (калі ён ёсць) пісьменніца пастаянна эксплуатуе схематычна абмаляваныя тут матывы. За рэпертуар не крытыкуюць, таму разгледзім яго ўвасабленне.

Заганныя колы пекла

І

Раман “Менада і яе сатыры” — самы моцны тэкст у зборніку: ён пакідае пытанні. Гісторыя выдатніцы, якая апантана спрабуе задрапіраваць рэальнасць вычытанымі сюжэтамі, зноў жа, чакае Яго і правярае ўсіх сустрэчных на “Ягонасць” выключна эксперыментальным спосабам, — гісторыя гэтая балансуе на мяжы, не дазваляючы сказаць з пэўнасцю: гэта гіпертрафаваны, завостраны злепак з рэальнасці ці ўсё ж штосьці большае, метафара, напрыклад.

Супраць першага варыянту паўстае тая самая рэальнасць, абмаляваная выключна чорна-белымі фарбамі. Тут няма нічога неадназначнага: гераіня — натхнёная паэтычная душа, навокал — малпы без пробліску думкі і хоць якіх прыкметаў чалавечнасці, а побач — дэманічная фігура маці, якая за ўсё жыццё добрага слова не сказала. Аднак гэта адзіны тэкст, дзе ў абмалёўцы гераіні можна заўважыць іронію: спадзяюся, менавіта ёю тлумачыцца настойлівае пастуляванне наяўнасці ў Юлі інтэлекту, які заключаецца ў тым, што яна цытуе Ніцшэ, вывучае будысцкую філасофію і піша вершы. Таму што больш нідзе свой меркавана высокі IQ гераіня не выкарыстоўвае — высокі (у спалучэнні хаця б з кропляй рэфлексіўнасці) мог бы здагадацца, што ў пагардзе да натоўпу і адначасовай празе гэтаму натоўпу падабацца ёсць штосьці няправільнае. Не здолеўшы сабраць у адзінае цэлае варыянт “рэальнасць”, пяройдзем да варыянту “метафара”.

На карысць гэтага варыянту — матыў жыцця ў сканструяваным уяўленнем свеце, матыў, які добра праглядаецца ў тэксце і які пры належным увасабленні можа зайграць вельмі прывабнымі фарбамі. За яго — і рамантычная літаратура, якую запоем чытае гераіня і па канве якой “піша” раман уласнага жыцця, і проста нечалавечае (у сэнсе наўрад ці магчымае ў рэальнасці — да 40 гадоў яна так ці іначай жахне па галаве) нежаданне Юлі глядзець праўдзе ў вочы. Рассыпаюць гэты варыянт тыя ж спрашчэнні, але на іншым узроўні.

Па-першае, месца рамантызму з яго паралельнасцю светаў часам раптоўна займае рамантычнасць на ўзроўні “ўзнёслага светлага суму”, ад якой тру-рамантыкі перавярнуліся б у труне (“Адам лёг в гроб и снова умер”, як жартавалі пра Міцкевіча ў савецкім Галоўліце, праўда, з іншай нагоды). Выключнасць рамантызму абарочваецца штучнасцю рамантычнасці, і гэта задуме шкодзіць. Па-другое, вельмі псуюць уражанне ўстаўкі “ад аўтара”, які назірае за гераіняй і задушэўна размаўляе з чытачом, і аўтарскае ж імкненне як мага больш чытачу разжаваць: сэнс назвы рамана абавязкова тлумачыцца пасажамі пра скульптуры перад домам гераіні, падмацоўваецца пастаяннымі згадкамі антычных герояў і міфаў (якія, дарэчы, граюць толькі на ўзроўні параўнанняў і не выводзяць ні на які іншы ўзровень, застаючыся ў тым жа заганным коле). Гэтае імкненне ў іншым творы выльецца ў прымітыўнае “што хацеў сказаць аўтар”: у тэксце за абмалёўкай вобразу ідзе наўпростае “так вось і я” (с. 138). Значныя для “лепшага разумення” твора паняткі кідаюцца ў вочы літаральна: яны выдзеленыя курсівам ці тлустым шрыфтам. Думаецца, прастора, сканструяваная ўяўленнем, не вымагае такой падрабязнай дэшыфроўкі.

Падчас чытання беларускай літаратуры мяне навязліва пераследуе праблема фону. З аднаго боку, прыстойна напісаны тэкст, што выгадна глядзіцца ў параўнанні з многімі і многімі прадуктамі натхнення працаўнікоў на ніве культуры, хочацца пахваліць без пакутаў сумлення і згрызотаў перфекцыянізму. Да таго часу, пакуль не пераступаеш межы кола і не глядзіш крыху шырэй. Матывам міфаманіі калісьці агаломшыў мяне раман французскага пісьменніка, дзе герой загуляўся ў сваю гульню і памёр фармальна ад кулі на Першай сусветнай, а фактычна — таму, што, уцякаючы ад кулі, вырашыў прыкінуцца мёртвым і загінуў менавіта ад гэтага, бо рэальнай для яго была толькі прастора гульні, дзе ніякая куля яго б не зачапіла. Такі матыў мае вельмі багаты патэнцыял да выкручвання ў розныя бакі і без вышэйзгаданых спрашчэнняў глядзеўся б вельмі выйгрышна ў рамане Алены Брава. Здаецца, відавочных блокаў ні на сродкі выразнасці, ні на ідэйнае поле нідзе не стаіць, і беларускі пісьменнік на беларускай мове здольны сказаць усё што заўгодна і на дастаткова высокім узроўні, каб у пазітыўнай ацэнцы не апускацца да прымітыву кшталту “дзякуй, што па-беларуску”.

Дарэчы, каротка пра мову. Усе тэксты роўныя і чытаюцца лёгка. Пры ўменні будаваць прыстойны тэкст тым больш засмучае, так бы мовіць, тэхнічнае выкананне: пасярод роўнай плыні з’яўляюцца дзеепрыметнікі з векапомнымі -учы(-ючы): патыхаючая, ныючае, пазіраючая і г.д. Праз усю кнігу муляе вока дзікая калька з рускага “иметься”: тут маецца і галёрка ў памяшканні, і будучыня ў гераіні, і яшчэ многае, у чаго не прыйдзе ў галаву спытаць пра самаадчуванне. Спарадычнае ўжыванне вышэйшай ступені параўнання ў значэнні найвышэйшай (“лепшы” замест “найлепшы”, напрыклад), роднага склону ў значэнні меснага (“у летняе сукенцы”) і давальнага ў значэнні меснага (“па інтэрнату”), прыслоўя ў значэнні прыметніка (“вышэй” замест “вышэйшы”) дзівіць тым больш, што побач на старонцы можа стаяць абсалютна правільная форма. Але на фоне (зноў на ім) беларускай кнігапрадукцыі такіх прыкрасцяў даволі няшмат.

Ва ўсім вінаватыя кнігі, якія мы чытаем... ці не чытаем, сігналізуе нам лёс гераіні “Менады...” Выхад з заганнага кола можна забяспечыць, адарваўшыся ад Цвайга... альбо беларускай літаратуры як вызначальнай сістэмы каардынат.

ІІ

Часам пра Алену Брава гавораць як пра пісьменніцу-феміністку. З гэтым можна згадзіцца, калі паралельна ўявіць рамантызм без двухсвецця, класіцызм без абавязку, а сюррэалізм без сюру. Ёсць яшчэ, праўда, мізэрная надзея на мінус-прыём. Так, усе асноўныя героі ўсіх твораў кнігі — жанчыны, але “пра жанчынаў” — гэта яшчэ не фемінізм. Без мужчынскай фігуры творы пісьменніцы рассыпаюцца: прыбяры гэтую самую фігуру — знікне сюжэт, завязка, кульмінацыя, развязка, героі, характары і далей па літаратурным слоўніку. Мужчына і патрыярхальны свет так навязліва прысутнічаюць у якасці адзінай сістэмы каардынат створанай пісьменніцай прасторы, што яе няшчасным гераіням, якія ловяць мужа на пельмені, хочацца ўрэшце параіць пакахаць жанчыну ці заняцца ратаваннем коцікаў, тым самым забіўшы двух зайчыкаў: і з дыскурсу вырвацца, і фемінізм апраўдаць (калі апраўдаць, безумоўна, хочацца). Прычым коцікі апраўдаюць фемінізм нават лепш: раман без чыстага і ўзнёслага або нячыстага і фатальнага кахання — пра што яшчэ марыць беларускай літаратуры ў празе разнастайнасці?

Астатнія тэксты зборніка (тры аповесці і чатыры апавяданні) глядзяцца слабейшымі за “Менаду...” Аповесць “Рай даўно перанаселены” здаецца хутчэй шэрагам замалёвак мемуарнага характару, якія там, дзе аўтарка разважае пра нялёгкі жаночы лёс, робяцца амаль публіцыстыкай. Агулам жа гэта гісторыі пра адно і тое ж: расказаўшы пра чарговае расчараванне гераіні, аўтарка нязначна мяняе ёй біяграфію і імя і піша новы тэкст, які скончыцца тым самым. Магчыма, гэтае чытацкае гарызантальнае пекла аднаго матыву цалкам адпавядае аўтарскай задуме, але абгрунтаваць яе мне цяжка. Зрэшты, не будзем прыпадабняцца да зноў жа дэманічнай маці гераіні ў “Крупніку для Музы” і патрабаваць пісаць пра вампіраў. Хаця карціць заўважыць, што пра вампіраў можна пісаць і не дзеля грошай: урэшце, гэта бывае проста весела, а вампір, у дошку свой нечалавек у падземным царстве, цалкам можа паказаць выхад з пекла не горш за Вергілія і дарогу да раю — не горш за Беатрычэ.


Алена Брава. Рай даўно перанаселены: раман, аповесці, апавяданні. — Мінск: Галіяфы, 2012




Валянцін Акудовіч
Уладзімір Арлоў
Малгажата Бухалік
Пётр Казакевіч
Павал Касцюкевіч
Ганна Кісліцына
Адам Паморскі
Барыс Пятровіч
Андрэй Хадановіч
Лешак Шарэпка
Беларускі ПЭН-цэнтр

Літаратурная Прэмiя імя Ежы Гедройца

Прэмiя Гедройца 2013