Прэмiя Гедройца

Ганна Кісліцына пра кнігі, пададзеныя на прэмію

15-01-2013 14:51
Нядаўна пісьменніца Наталка Бабіна ў фэйсбучным дыялогу адразу з двума літкрытыкамі заявіла: «Поле літаратурнае выпаленае». Уявілася сапраўднае папялішча – шэрае і безаблічнае. Такой катэгарычнасці як не здзівіцца? Тым больш, што апошні год быў не самым кепскім для літаратуры. Згадаем – толькі на прэмію Ежы Гедройца, лонг-ліст якой быў аб’яўлены на мінулым тыдні, было вылучана больш за чатыры дзясяткі кніг прозы і эсэістыкі. Пры тым што не «Ежы» адзіным жыве наш белліт…

І раптам з усёй відавочнасцю стала ясна – погляд на літаратурныя здабыткі залежыць не столькі ад колькасці і якасці кніг, колькі ад светапогляду, характару, настрою. Гэта як з вядомай рэкламай кока-колы – для адных шклянка напалову пустая, а для другіх напалову поўная. Таму варта расказаць, як выглядае наша літаратура для песімістаў і як для аптымістаў.

На пачатку мінулага года песімістам здавалася, што гэта будзе год нана-кнігі. Нана – значыць такой маленькай-маленькай. Старонак на сорак. І творы там будуць знаёмыя-знаёмыя, перакачаныя з інтэрнэт-блогаў. Ну такія кніжкі-малюшкі, як у Насты Манцэвіч ці Анкі Упалы.

А аптымісты ціха радавіліся, што з’явілася новая моладзевая кніжная серыя «Пункт адліку». І там нечакана выйшлі кнігі такіх смешных і незвычайных для нашай літаратуры аўтараў, як Андрэй Пакроўскі («Як я перастаў верыць у дзеда Мароза») і Кірыл Дубоўскі («Хороший роман»).

У сярэдзіне года песімісты наракалі на тое, што няма сюжэтнай літаратуры, а выходзяць адны эсэі. Больш за тое, некаторыя з іх сталі гаварыць, што 2012-ты – год «лянівай прозы» (такое трапнае азначэнне сустрэлася ў аднаго з каментатараў «НН»). Калі каротка – гэта тэксты без сюжэту, выразнай структуры, вобразнай сістэмы, карацей, звычайны рух «па хвалях сваёй памяці». Як толькі ні называлі гэты самасейны жанр - «асэчка», «апілкі», «зацемкі», «мініяцюры»… Раптам стала відавочна, што нішто так не ўплывае на літаратурны працэс, як ЖЖ. Мала таго, што замест раманаў цяпер чытаем допісы з лайфджорнал, дык яшчэ і на прэзентацыю прыходзяць выключна фрэнды! – наракалі песімісты.

А аптымісты радаваліся таму, што выйшла «Кніга пра нішто» Валянціна Акудовіча, «Сказы» Адама Глобуса, «Сечка» Андрэя Федарэнкі, «Быць прысутным» Алеся Анціпенкі, «Прачутае» Сяргея Харэўскага, «Паспець надыхацца» Сяргея Рублеўскага. І хіт будучага чытацкага сезону – кніга «Зямля пад крыламі фенікса: нарысы з паралельнай гісторыі» Сяргея Балахонава, якая толькі-толькі з’явілася.

Песімісты гаварылі, што памірае крытыка… Паміранне крытыкі – наогул любімая тэма беларускіх інтэлектуальных песімістаў апошнія гадоў дзесяць.

А аптымісты сцвярджалі – назіраецца росквіт літаратуразнаўства! Вялікая колькасць кніг выйшла дзякуючы архіўнай працы Лявона Юрэвіча, Наталлі Гардзіенкі, Ціхана Чарнякевіча. У першую чаргу варта назваць неверагодную па памеры і ўкладзенай працы кнігу вершаў Янкі Юхнаўца. Бестсэлерам 2013 года можа стаць «Дзённік 1943–1947» Дзмітрыя Сямёнава, унікальны дакумент пра жыццё ў акупаваным Менску. Безумоўна, трэба сказаць «дзякуй» і папулярызатару беларускай літаратуры Альгерду Бахарэвічу, які сваім «накідам на вентылятар» узбудзіў цікавасць да класікі нават у людзей, якія заўсёды адчувалі алергію на белліт як прадмет школьнага вывучэння.

Песімісты гаварылі і гавораць, што кніга наогул памірае… А аптымісты паказваюць электронныя выданні і нагадваюць, што некаторыя беларускія пісьменнікі выдалі ажно па дзве папяровыя кнігі за адзін каляндарны год. Гэта Альгерд Бахарэвіч, Адам Глобус, Сяргей Рублеўскі, Сяргей Календа, Людміла Рублеўская, Андрэй Федарэнка – нішто сабе кампанія працаголікаў!

Песімісты скажуць, што няма цікавых аповесцяў і раманаў. А аптымісты: «Ды заваліся!» Гэта і свежавыдадзены «Аўтамат з газіроўкай з сіропам і без» Уладзіміра Някляева, і «Шал» Юркі Станкевіча, і «Менада і яе сатыры» Алены Брава. Асабліва варта адзначыць новы раман нашага Дэна Браўна ў спадніцы – Людмілы Рублеўскай, якая выдала «Прыгоды Пранціша Вырвіча, шкаляра і шпега», кнігу, якая мае ўсе шанцы стаць класікай нацыянальнай прыгодніцкай літаратуры.

Тым, хто сцвярджае, што падлеткі не хочуць чытаць, для перамены погляду варта парэкамендаваць «Адваротны бок люстра» зусім юнай Ксеніі Шталенковай…

А дасведчаныя аптымісты толькі плячыма паціскаюць – ніколі ў нас не выдавалася такой колькасці літаратуры для падлеткаў і моладзі. Уявіце сабе: зусім за невялікі адрэзак часу з’явіліся ажно тры раманы, дзе героі вандруюць у часе. Вось табе і прыземленая беларуская літаратура!

Карацей, выснова простая – заставайцеся аптымістамі, вучыцеся радавацца за сваё, роднае, цікаўцеся тым, што адбываецца навокал – і ў вас не будзе праблем з цікавай чытанкай на роднай мове!

Ганна Кісліцына паводле Новай Еўропы




Валянцін Акудовіч
Уладзімір Арлоў
Малгажата Бухалік
Пётр Казакевіч
Павал Касцюкевіч
Ганна Кісліцына
Адам Паморскі
Барыс Пятровіч
Андрэй Хадановіч
Лешак Шарэпка
Беларускі ПЭН-цэнтр

Літаратурная Прэмiя імя Ежы Гедройца

Прэмiя Гедройца 2013